Перайсці да зместу

Тэракт пад Пахалгамам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Тэракт у Пахалгаме)
Тэракт пад Пахалгамам
Месца нападу паблізу Пахалгам, Джаму і Кашмір, Індыя
Мэта нападу турысты-немусульмане
Дата 22 красавіка 2025
Спосаб нападу расстрэл з аўтаматычнай зброі
Зброя AK-47[d]
Загінулыя 26[1]
Параненыя як мінімум 20[2]
Арганізатары «Фронт супраціву»

Тэракт пад Пахалгамам — тэрарыстычны акт, здзейснены 22 красавіка 2025 года паблізу горада Пахалгам у Джаму і Кашміры (саюзная тэрыторыя Індыі).

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

З канца 1980-х Джаму і Кашмір ахапіла ісламісцкае ўзброенае паўстанне[3]. У жніўні 2019 года ўрад Індыі пазбавіў штат асаблівых паўнамоцтваў і падзяліў яго на дзве саюзныя тэрыторыі — Джаму і Кашмір і Ладакх[4]. Гэты крок дазволіў мясцовым уладам выдаваць статус пастаяннага жыхара людзям, якія раней не адпавядалі патрабаванням, што дазволіла ім купляць зямлю і ўладкоўвацца на працу на гэтай тэрыторыі[5]. У красавіку 2025 года ўрад паведаміў, што за апошнія два гады 83 000 чалавек атрымалі сертыфікаты аб пастаянным пражыванні па новых правілах. Па даных Forbes, Кашмір быў адной з самых мілітарызаваных зон у свеце[6]. Пасля адмены абмежаванай аўтаноміі рэгіёну індыйскія ўлады пачалі масавыя рэпрэсіі ў рэгіёне. Гэта прывяло да пагаршэння адносін з Пакістанам на фоне кашмірскага канфлікту[7][8].

22 красавіка 2025 года ў маляўнічай мясцовасці пад Пахалгамам узброеныя людзі (іх меркавана было шасцёра) выйшлі з лесу і адкрылі бязладны агонь па турыстах, а затым сталі мэтанакіравана выяўляць немусульман (правяралі, ці маецца абразанне, прымушалі прамаўляць шахаду) і забіваць менавіта іх[9][10][11][12][13][14][15][16][17][18][19].

Мясцовы жыхар Саед дыл Хусейн Шах, які знаходзіўся разам з турыстамі і перавозіў іх на кані, паспрабаваў вырваць аўтамат з рук аднаго з тэрарыстаў, але быў застрэлены[20][21].

Усяго загінула 26 чалавек, не менш за 20 чалавек былі параненыя. Адказнасць за напад узяла на сябе арганізацыя «Фронт супраціву», звязаная з групоўкай «Лашкар-э-Тойба»[22][23][24].

Сярод забітых былі індыйскія турысты з розных штатаў краіны, а таксама грамадзянін Непала[25][26][1].

Кіраўнік Урада Джаму і Кашмір Амар Абдула заявіў, што за апошнія гады гэта самы маштабны напад на мірных жыхароў. Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі выказаў спачуванні блізкім загінулых, пажадаў хутчэйшага выздараўлення параненым.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, які ў гэты момант знаходзіўся ў Індыі з візітам, таксама выказаў спачуванні індыйскаму народу ў сувязі з гэтым тэрактам[23].

Індыя абвінаваціла ў тэракце Пакістан, што выклікала пагаршэнне адносін паміж краінамі[27].

Міністр абароны Пакістана Хаваджа Асіф заявіў 23 красавіка, што абвінаваціць Пакістан у нападзе «лёгка», але ён не мае ніякага дачынення да забойстваў у Пахалгаме і лічыць гэта ўнутраным выступам супраць індыйскага ўрада. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Пакістана Шафкат Алі Хан выказаў спачуванні блізкім загінулых і пажадаў хутчэйшага выздараўлення параненым[10].

Жыхары Джаму і Кашміра правялі масавыя акцыі пратэсту пад лозунгамі «Не тэрарызму» і «Спыніце забойствы нашых гасцей». Шматлікія турысты, якія знаходзіліся ў рэгіёне, сталі спешна пакідаць гэты рэгіён[10].

23 красавіка, на наступны дзень пасля тэракту, Індыя панізіла ўзровень дыпламатычных адносін з Пакістанам і абвясціла аб шэрагу мер, накіраваных супраць Пакістана, такіх як закрыццё адзінага сухапутнага памежнага пераходу паміж краінамі, прыпыненне дзеяння Дагавора аб водах Інда, высылка пакістанскіх дыпламатаў і скарачэнне колькасці работнікаў пасольстваў. Акрамя таго, былі спынены авіязносіны і гандаль[27][28].

24 красавіка 2025 года Міністэрства замежных спраў Індыі запатрабавала ад усіх грамадзян Пакістана, якія знаходзяцца ў Індыі, пакінуць краіну да 27 красавіка, да гэтага тэрміну ўсе выдадзеныя пакістанцам візы будуць ануляваныя (медыцынскія візы былі сапраўдныя да 29 красавіка)[29]. Урад Пакістана ўвёў серыю мер у адказ: прыпыніў дзеянне віз для грамадзян Індыі, за выключэннем сікхскіх паломнікаў, абвясціў індыйскіх ваенных саветнікаў персонамі нон грата і загадаў ім пакінуць краіну[27].

  1. 1 2 Statement by Foreign Secretary on the decision of the Cabinet Committee on Security (CCS). MEA India (23 красавіка 2025).
  2. ↑ Mamata condemns Pahalgam terror attack, says perpetrators must not go unpunished. Deccan Herald. 22 красавіка 2025. Праверана 22 красавіка 2025.
  3. ↑ Kashmir. BBC News. Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2015. Праверана 24 красавіка 2025.
  4. ↑ Article 370: India Supreme Court upholds repeal of Kashmir's special status. BBC News. 11 снежня 2023. Праверана 24 красавіка 2025.
  5. ↑ From Domicile to Dominion: India’s Settler Colonial Agenda in Kashmir. Harvard Law Review (1 мая 2021). Праверана 24 красавіка 2025.
  6. ↑ Singh, Rani (12 ліпеня 2016). Kashmir: The World's Most Militarized Zone, Violence After Years Of Comparative Calm. Forbes. Праверана 24 красавіка 2025.
  7. ↑ At least 20 feared killed in militant attack on tourists in Indian Kashmir, security sources say. Reuters. 23 красавіка 2025. Праверана 24 красавіка 2025.
  8. ↑ Raj, Suhasini; Mashal, Mujib (23 красавіка 2025). Killing of Civilians Near Pahalgam in Kashmir Shatters Illusion of Calm. The New York Times. Праверана 24 красавіка 2025.
  9. ↑ Посольство сообщило об отсутствии данных о гибели россиян в Пахалгаме. www.rbc.ru. Праверана 22 красавіка 2025.
  10. 1 2 3 Кошмар в Кашмире. www.kommersant.ru. Праверана 24 красавіка 2025.
  11. ↑ Hindus were singled out, shot: Tourist's blow-by-blow account of Pahalgam attack (англ.). India Today (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  12. ↑ J&K: Tourist Killed, Several Hurt in Attack on Pahalgam Health Resort (англ.). The Wire. Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2025. Праверана 22 красавіка 2025.
  13. ↑ Irfan, Shams; Mehrotra, Karishma (2025-04-22). Gunmen launch rare attack on tourists in Indian-administered Kashmir. The Washington Post [амерыканская англійская]. ISSN 0190-8286. Праверана 2025-04-22.
  14. ↑ Terrorists singled out & shot non-Muslims in Pahalgam attack, say sources & witnesses(нявызн.). Firstpost (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  15. ↑ Arora, Mansi (2025-04-22). 'Stripped to check for circumcision, asked to recite Islamic verse': Tourists recall horror after J&K terror attack. WION. Архівавана з арыгінала 2025-04-22. Праверана 2025-04-22.
  16. ↑ 'Go tell this to Modi', Pahalgam attacker told me after killing my husband: Karnataka survivor (англ.). Business Today (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  17. ↑ Terrorists cursed Modi, asked my father to recite Islamic verse before shooting him: Daughter (англ.). The Hindu (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  18. ↑ Hindus were singled out, shot: Tourist's blow-by-blow account of Pahalgam attack (англ.). MSN (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  19. ↑ 27 tourists singled out for not being Muslim, killed in a targeted terrorist attack in J&K's Pahalgam (англ.). MyInd (22 красавіка 2025). Праверана 22 красавіка 2025.
  20. ↑ Pahalgam pony operator dies protecting tourist, tackles armed terrorist. Business Standard. 23 красавіка 2025. Праверана 23 красавіка 2025.
  21. ↑ Syed Adil Hussain: Hero Pahalgam pony ride operator who tried to stop terrorist. India Today (23 красавіка 2025). Праверана 23 красавіка 2025.
  22. ↑ Kashmir Terror Attack Updates: 26 Killed; National Conference, Mehbooba Mufti's PDP To Support Bandh Today (англ.). www.ndtv.com. Праверана 22 красавіка 2025.
  23. 1 2 Жертвами теракта на севере Индии стали почти 30 человек. www.interfax.ru. Праверана 23 красавіка 2025.
  24. ↑ Посольство сообщило об отсутствии данных о гибели россиян в Пахалгаме. www.rbc.ru. Праверана 23 красавіка 2025.
  25. ↑ Pahalgam terror attack LIVE: Foreign tourists among 28 killed; Amit Shah in Srinagar to review security situation [Indian English]. The Hindu. 2025-04-22. ISSN 0971-751X. Архівавана з арыгінала 2025-04-22. Праверана 2025-04-22.
  26. ↑ Hari, Ravi (2025-04-22). 'Brutal crime has no justification': Vladimir Putin on terror attack in Jammu and Kashmir's Pahalgam. Mint. HT Media. Архівавана з арыгінала 2025-04-22. Праверана 2025-04-22.
  27. 1 2 3 https://www.bbc.com/russian/articles/c1egq8e7p6go
  28. ↑ India closes main border crossing with Pakistan after Kashmir attack
  29. ↑ МИД Индии аннулировал визы гражданам Пакистана. www.kommersant.ru. Праверана 24 красавіка 2025.